НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.Я.Галенчанка.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)